Жалезны век у гісторыі Еўропы – гэта перыяд складаных працэсаў фарміравання розных племянных і этнічных груповак, частка якіх склала аснову пазнейшых сярэднявечных народнасцей.
Па археалагічных дадзеных вядома, што ў канцы бронзавага і ў жалезным веку на тэрыторыі паўднёва-ўсходняга ўзбярэжжа Балтыйскага мора да вярхоўяў Дона, уключаючы ўвесь басейн Акі, і ад Падняпроўя да Кіеўшчыны жылі плямены балтаў. Спачатку яны карысталіся адзінымі балцкімі гаворкамі. Потым гэты арэал распаўся на тры часткі: Заходнія, Усходнія і Дняпроўскія балты [3].
На пачатку жалезнага веку на тэрыторыі Беларусі склалася тры ўстойлівыя группы балтскіх плямен: культура штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінская і мілаградская культуры. З V ст. Да н.э. на тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца помнікі заходніх балтаў (могільнікі тыпу Начы, якія пазней трансфарміраваліся ў культуру каменных курганоў) [3, c. 105]. Наогул, усю эпоху жалеўнага веку не назіралася асабліва радыкальных этнакультурных змен: больш актыўна этнічныя працэсы ішлі на поўдні. Пад канец 1-га тысячагоддзя да н.э. на змену мілаградцам там прыйшла зарубінецкая культура, а ў басейне Буга і вярхоўях Прыпяці – вельбарская. Разгледзім тэрыторыі адзначаных культур.
Мілаградская культура з VIII-VII стст. да н.э. была распаўсюджана на большасці тэрыторыі Паўдневай Беларусі. Пераважная колькасць паселішчаў гэтай культуры канцэнтруецца ва усходняй частцы арэала. На мяжы III – II стст. Да н.э. на тэрыторыі Паўдневай Беларусі на змену мілаградскай прыходзіць зарубінецкая культура [1, c. 135].
Культура штрыхаванай керамікі, на працягу жалезнага веку была пануючай у Сярэдняй і Паўночна-Заходняй Беларусі, таксама да тэрыторыі іх панавання належала Паўднева-Усходняя і Усходняя Літва.
Паўночны ўсход Беларусі займала днепра-дзвінская культура. У арэал іх распаўсюджвання ўваходзілі таксама паўднёвая Пскоўшчына і значная частка Смаленшчыны да вярхоўяў Дняпра і Дзвіны.
Усе адзначаныя культуры ўзніклі як вынік развіцця груповак насельніцтва бронзавага веку. Асаблівасці складання і розныя напрамкі кантактаў абумовілі іх узаемаадрозненні. Мілаградцы кантактавалі з поўдня са Скіфіяй, зарубінцы – з захаду з супольнасцямі латэнскіх культур.
Такім чынам, развіццё насельніцтва Беларусі ў жалезным веку трэба разглядаць як развіццё культур якія ў асноўным належалі да балтаў.
Падзеі Вялікага перасялення народаў прывялі да значных змен у развіцці мясцовых грамадстваў. На большай частцы тэрыторыі Беларусі сфарміравалася банцараўская культура, а таксама падобныя на яе тушамлянская і калочынская, у V-VI стст. у Заходнім Палессі з’яуляецца пражская культура, у славянскай прыналежнасці якой не сумняваюцца навукоўцы, але этнічная прыналежнасць банцараўскай тушамлянскай і калочынскай культур выклікае шмат спораў.
Банцараўская культура займала тэрыторыю Сярэдняй і Паўночнай Беларусі, а таксама некаторыя суседнія раёны. Роднаснай ёй была тушамлінская культура на Смаленшчыне. Некаторыя даследчыкі лічаць гэтыя культуры балцкімі, але археалагічныя даследванні на помніках гэтай культуры не дазваляюць аднабакова падыходзіць да гэтага пытання. Так на некаторых гарадзішчах банцараўскай культуры былі выяўлены рэшткі славянскай керамікі, своеасаблівыя жытлы з печамі-каменкамі, жорнавых камянеў і г.д.
На карысць часткова славянскага паходжання культуры сведчыць наяўнасць славянскай гідранімікі ў Беларускім Падзвінні і культурнага пласта V-VIII стст. На гарадзішчах і паселішчах старажытных гарадоў Полацка, Віцебска, Лукомля [3, c. 127]. Такім чынам можна зрабіць выснову аб удзеле славян у фарміраванні банцараўскай культуры. Верагодна ў гэты час славяне рассяліліся на землях балцкіх плямен, і ў значнай ступені асіміляваліся.
Таксама астаецца дыскусійным пытанне аб паходжанні калочынскай культуры. Некаторыя даследчыкі далучаюць яе да балтаў, другія адносяць яе да славян. На карысць балцкай тэорыі балцкая гідраніміка Верхняга Падняпроўя, таксама агні пажараў на месцах старых племянных цэнтраў: Калочын, Нікадзімава, Вежкі і інш. [3, c. 130].
Першай славянскай культурай на Беларусі была пражская, помнікі якой былі выяўлены на поўдні Беларусі. Гэта самыя раннія помнікі, славянская прыналежнасць якіх даказана археалагічным шляхам. Найбольш істотныя прыкметы культуры славян выяўляюцца ў формах ляпных пасудзін, домабудаўніцтве і пахавальнай абраднасці [4].
У VІІІ-ІХ стст., калі ўсходнія славяне значна ўзмацніліся і ў выніку дэмаграфічнага росту ім стала цесна на занятай тэрыторыі, яны прыступілі да асваення прылеглых зямель балтаў. Прасоўваючыся па рэках, яны будавалі на сваім шляху ўмацаваныя гарадзішчы, многія з якіх пазней сталі гарадамі.
Помнікі славян VII-X стст. у Беларусі займаюць тую ж тэрыторыю, што і старажытнасці пражскай культуры, выходзячы за яе межы толькі на поўначы. У верхнім Падняпроўі і Падзвінні на тэрыторыі Беларусі ў VIII-X стст. сфарміравалася некалькі аб’яднанняў усходніх славян. Яны ўяўлялі сабой даволі ўстойлівыя этнічныя супольнасці дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў [5, с. 18]
Пытанне як складваліся ўзаемаадносіны паміж балтамі і славянскім насельніцтвам дасканала не высветлена. Адны даследчыкі сцвярджаюць, што яны ў асноўным былі мірнымі і славянскае засяленне нібыта працякала ў выглядзе павольнай мірнай інфільтрацыі славян на пустуючыя ўчасткі ўладанняў балтаў. Але з гэтым цяжка пагадзіцца. Устаноўлена, што на рубяжы VII—VIII стст. большасць умацаванняў балцкага насельніцтва банцараўска-тушэмлянскай культуры загінула ў выніку пажараў. Супраціўленне балтаў новым прышэльцам і прывяло да гібелі іх умацаванняў.
Славяне ішлі на Беларусь з розных бакоў і балтам не было куды ўцякаць. Хоць, вядома, нельга і поўнасцю адмаўляць перамяшчэнне іх у паасобных месцах. Магчыма, што ў Волга-Окскае міжрэчча балты праніклі ў выніку славянскага націску з поўдня і з захаду. Толькі пасля ўжо, калі было зламана супраціўленне балтаў, і, калі яны былі з усіх бакоў акружаны славянамі, маглі ўстанавіцца больш-менш мірныя адносіны паміж прышэльцамі і мясцовымі жыхарамі.
Нельга ўяўляць славянскую асіміляцыю балтаў прамалінейнымі працэсамі. У літаратуры зусім слушна ўказваецца, што “асімілёўвалі не толькі славяне балтаў, але і ў шэрагу выпадкаў славяне былі асіміляваны балтамі”. Толькі у канчатковым выніку перамагла славянская стыхія. Гэты працэс працягваўся доўга і нават тады, калі фарміравалася беларуская нацыя.
Спіс выкарыстаных крыніц
1.
2. Археалогія Беларусі: У 4 тамах. Т. 2. Жалезны век і сярэднявечча. – Мн.: БДУ, 1999.
3. Вергей В. С. Ранние славяне в Белорусском Полесье: (по археологическим данным) // Славяне: адзінства і мнагастайнасць. Мінск, 1990.
4. Гісторыя Беларусі: У 6 тамах.Т.1. Старажытная Беларусь: Ад першапачатковага засялення да сярэдзіны ХІІІ ст. – Мн.: Экаперспектыва, 2000.
5. Мядзведзеў А.М. Да пытання аб паходжанні беларусаў (па дадзеных археалогіі і мовазнаўства) // Гістарычна-археалагічны зборнік. 1998. № 13.
6. Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х частках. Ч. 1. – Мн.: Беларусь, 1994.
7. Седов В. В. Балты и славяне в древности (1 тыс. до н. э. – 1 тыс. н. э.) // Проблемы этнической истории балтов. Рига, 1977.