Реферат - Асаблівасці дзяржаўнага і саслоўнага ладу ВКЛ, яго эвалюцыя ў 14-16 стст

План

Уводзіны    3
1 Саслоўная структура грамадства ВКЛ    4
2 Дзяржаўны лад і органы дзяржаўнай улады ВКЛ у XIV-XVI стст.    8
3 Судовая сістэма ВКЛ    13
Заключэнне    19
Спіс выкарыстанных крыніц    20

 
Уводзіны

Задача навукі гісторыі дзяржавы і права – вывучэнне гістарычнага ходу падзей у іх канкрэтнасці і храналагічнай паслядоўнасці, выяўленне асноўных заканамернасцей развіцця структуры і дзейнасці органаў дзяржаўнай улады і правадносін грамадзян, прававога становішча класаў, саслояў і розных сацыяльных груп насельніцтва, выяўленне і вывучэнне крыніц права, высвятленне развіцця асобных галін права і дзяржаўнага, адміністрацыйнага, цывільнага, крымінальнага, судова-працэсуальнага і інш.
Гісторыя дзяржавы і права Беларусі вывучае працэсы ўзнікнення і развіцця дзяржавы і права на тэрыторыі нашай Радзімы ў іх цеснай узаемасувязі на розных этапах жыццядзейнасці нашых суайчыннікаў.
Адным з самых цікавых этапаў у гісторыі Беларусі з'яўляецца перыяд Вялікага княства Літоўскага. Гэта дзяржава на працягу некалькіх вякоў была адной з самых магутных на еўрапейскім кантыненце. І было б памылкай не разгледзець і не вывучыць гэтую слаўную старонку беларускай гісторыі. Прадстаўляецца асаблiва важным вылучыць асновы дзяржаўнага і саслоўнагя ладу ВКЛ у XV-XVI стст.
Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае было феадальнай манархіяй, дзе феадалам было забяспечана права валодання залежным насельніцтвам – сялянамі. Насельніцтва княства падзялялася на дзве вялікія групы – феадалаў-землеўласнікаў і феадальна-залежнае насельніцтва. Насельніцтва падзялялася на саслоўі – шляхту, мяшчан, духавенства і сялян.

 
1 Саслоўная структура грамадства ВКЛ 

Вялікае княства Літоўскае ў 15-16 ст. як развітая феадальная дзяржава мела тыповую для феадальнага грамадства саслоўна-класавую структуру, заснаваную ў першаю чаргу на эканамічным прынцыпе – адносінах да асноўнага сродку вытворчасці – зямлі. Феадальная зямельная ўласначць складала аснову эканомікі тагачаснага грамадства, і натуральна, што людзі якія валодалі зямлёй, з’яўляліся асноўным яго кіруючым класам, а тыя, хто працаваў на чужой зямлі, знаходзіліся ў падпарадкаваным стане. 
Разам з тым сацыяльна-саслоўны падзел грамадства засноўваўся не толькі на ўласніцкіх дачыненнях да зямлі, а і на іншых, характэрных для феадалізму прынцыпах: магчымасці распараджэння той ці іншай уласнасцю, наяўнасці ці адсутнасці ў чалавека ўласнай свабоды, паходжанні, пэўных асабістых абавязках (ваенная альбо прыдворная служба і да т.п.) перад дзяржавай ці вышэйстаячай асобай і г.д. 
Пры феадалізме грамадства звычайна падзелена на дзве асноўныя часткі – прывілеяваную, пануючую (феадалаў) і непрывілеяваную, падначаленую (феадальна-залежнае насельніцтва). Вельмі блізкім да такой стандартнай формулы быў падзел грамадства ў Вялікім княстве Літоўскім у 15-16 ст. Па сваёй мацыяльна-эканамічнай структуры насельніцтва ВКЛ падзялялася на дзве асноўныя часткі – прадстаўнікоў пануючага класа феадалаў, ці “людзей шляхецкага роду”, і феадальна залежных людзей, ці “людзей простага стану” [9, c. 21]. 
Саслоўна-сацыяльнае становішча насельніцтва, правы і абавязкі пэўных катэгорый, розныя змены ільготы ці абмежаванні ў правах той ці іншай групы жыхароў ВКЛ фіксаваліся звычайна ў агульнадзяржаўных юрыдычна-прававых актах, у першую чаргу ў вялікакняскіх граматах (1387, 1413, 1434, 1447, 1492 гг. і інш.), Статутах Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566, 1588 гг., абласных валасных граматах, граматах жыхарам гарадоў на магдэбургскае права і інш. Найбольш поўна і дакладна сацыяльна-саслоўны падзел грамадства быў зафіксаваны ў Статуце ВКЛ 1588 г., дзе не толькі ў асобных артыкулах прадэклараваны правы і абавязкі розных сацыяльных і саслоўных груп насельніцтва (абывацеляў) краіны, але ў самым першым артыкуле абазначана сама саслоўная структура дзяржавы: “Напрод мы, господар, обецуем и шлюбуем под тою ж присегою, которую учынили есмо всим обывателем всих земль паньства нашого Великого князства Литовского, иж всих княжат, панов рад, духовных и светских, панов хоруговных, шляхту, места и всих подданых наших и всих станов в том паньстве нашом Великом князстве Литовском и иных всих земль, здавна к тому паньству прислухаючых, почоншы от вышшого стану аж до нижшого, тыми одными правы и артыкулы, в том статуте нижей писаными и от нас даными, судити и справовати маем” [5, c. 256]. 
Артыкул гэты, які, па сутнасці з’яўляўся прысягаю гаспадара ўсяму жыхарству Вялікага княства Літоўскага, называе дзве асноўныя саслоўныя шрупы (станы) насельніцтва – вышэйшага стану (феадалаў) і ніжэйшага (сялян і мяшчан), а таксама называе некаторыя своеасаблівыя катэгорыі насельніцтва ўнутры саміх саслоўных груп. 
Самым прывілеяваным саслоўем, якое склалася з даўніх часоў, была шляхта. Яна сама па сабе не ўяўляла адзінага цэлага, не была аднастайнай і аднароднай, а была прадстаўлена асобнымі катэгорыямі, прыналежнасць да якіх вызначалася рознымі фактарамі – паходжаннем, памерамі зямельнай уласнасці, колькасцю залежных людзей, дзяржаўнай ці духоўнай пасадай і г.д. Да найбольш прывілеяванай катэгорыі аднасілася арыстакратыя ВКЛ – асобы, якія мелі тытул князя ці графа. Князямі ці княжатамі ў гэты час называлі ў першую чаргу спадчыннікаў старадаўніх княжацкіх родаў Рурыкавічаў і Гедымінавічаў, а таксама нашчадкаў тых удзельных князёў, якія пасля уваходжання ў склад Вялікага княства Літоўскага змаглі захаваць пэўныя элементы аўтаноміі сваіх княстваў. Менавіта такі статус мелі ў 15 ст. князі Полацкія, Смаленскія, Пронскія, Саламярэцкія, Вяземскія і інш. Такія самыя прывілеі займелі пры вялікім князю Вітаўту князі Чацвярцінскія, Дольскія, Гальшанскія, Гарадзецкія, Кобрынскія, Карэцкія, Крошынскія, Лукомскія, Мсціслаўскія, Нясвіжскія, Ружанскія, Сангушкі, Слуцкія [10, c. 98]. 
Становішча розных княжацкіх сем’яў (як і асобных іх прадстаўнікоў) не было аднолькавым. У першую чаргу гэта зноў жа залежала ад колькасці зямлі і сялян, якія былі ў іх распараджэнні. Разам з тым трэба адзначыць, што многія з пералічаных княжацкіх родаў змаглі ў 15-16 ст. значна павялічыць свае ўладанні ці, прынамсі, захаваць унутры дзяржавы свае ўласныя княствы. 
Найвышэйшы княжацкі тытул у дзяржаве займаў яе кіраўнік – вялікі князь. Поўны яго тытул у другой палове 16 ст. – вялікі князь літоўскі, рускі, прускі, жамойцкі, мазавецкі, інфлянцкі. Вялікі князь называўся таксама гаспадаром і меў шырокае кола паўнамоцтваў: весці міжнародныя справы, уступаць у саюзы, абвяшчаць вайну і заключаць мір, распараджацца ўзброенымі сіламі дзяржавы, дзяржаўнай маёмасцю, даходамі і скарбамі, ажыццяўляць вышэйшы суд і памілаванне асуджаных і інш. Яму належала заканадаўчая ініцыятыва, усе асноўныя законы і прававыя акты выдаваліся за яго падпісам. Роля вялікага князя ўзрастала яшчэ і таму, што ён з’яўляўся буйным землеўласнікам – яму належалі велізарныя зямельныя ўладанні, акрамя таго, ён быў вярхоўным уласнікам усіх зямель у дзяржаве [13, c. 121]. 
Род вялікага князя займаў у краіне цэнтральнае становішча. Частка членаў дынастыі, звычайна малодшыя сыны і браты вялікага князя, пастаянна знаходзіліся пры ім. Яны, як правіла, уваходзілі ў склад невялікай дружыны, засядалі ў радзе, у якой ажыццяўлялася кіраўніцтва краінай і якая гэтаксама выконвала функцыі накшталт галоўнага штаба. Асобы, якія належалі да вялікакняскай сям’і мелі, такім чынам, пэўныя перавагі ў параўнанні з астатняй арыстакратыяй. 
З пачатку 15 ст. тыя буйныя зямельныя ўласнікі, якія займалі пасады ў дзяржаўным апараце і мелі сваіх васалаў, пачалі тытулавацца “панамі”. У лацінамоўных дакументах паны выступаюць пад тэрмінам “барон”. Пасля Люблінскай уніі гэтым тытулам сталі называць усіх шляхціцаў, у якіх былі залежныя сяляне. Такім чынам, ужо ў сярэдзіне 16 ст. тэрмін “пан” ператварыўся з тытула, які абазначаў адну з найвышэйшых катэгорый класа феадалаў, у тэрмін, што характэрызаваў прыналежнасць чалавека да шляхецкага стану. Напрыклад, у кнізе Слонімскага земскага суда за 1593 г. пры разглядзе судовых спраў любы прадстаўнік класа феадалаў праходзіць з тытулам “пан” – ад “княжаці” да зямяніна гаспадарскага. Так, судовы вырак 16 студзеня 1593 г. па скарзе пана Васіля Гарабурды аб невяртанні здзяцельскай зямянкай Маркоўскай Людмінай доўну ваяводу кіеўскаму унязю Канстанціну Астрожскаму ўстрымлівае тытул “пан” у дачыненні да кожнай з гэтых асоб [7, c. 58]. 
Уладальнікі вышэйзгаданых тытулаў складалі хоць і найвышэйшую, але не самую шматлікую частку пануючага класа. Другую групу складалі сярэднія і дробныя феадалы, якія валодалі залежнымі сялянамі. Колькасную большасць ва ўсе часы мелі ваеннаслужылыя людзі, якія за сваю службу набывалі ўласнасць ці пэўныя прывілеі, ці тое і другое разам. Ваеннаслужылае саслоўе пачало складвацца з моманту з’яўлення першых княстваў-дзяржаў на нашай зямлі, а канчаткова аформілася са сваімі правамі і прывілеямі якраз у 14-16 ст. Ваяры – рыцары, якія бралі на сябе абавязак несці ваенную службу на карысць гаспадара, як правіла, атрымлівалі ад яго зямельныя падараванні. Людзі гэтыя называліся баярамі. Надавалі зямлю баярам за абавязак пры неабходнасці ісці на вайну і буйныя буйныя прыватныя феадалы. 
З пачатку 15 ст. (пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413 г.) шырокае распаўсюджанне для вышэйназванай групы выеннаслужылага насельніцтва атрымаў тэрмін “шляхта”. Паказальна, што ў самім тэксце пастановы Гарадзельскага сейма тэрміны “баяры” і “шляхта” не проста ужываюцца побач, нароўні, а як адно паняцце-тэрмін – “бояре-шляхта земель нашіх”. Само геопалітычнае становічша нашай краіны вымагала мець значнае войска. Таму і атрымалася так, што шляхта, асноўнай павіннасцю якой была служба на вайне, склала значную ўдзельную вагу ад агульнай колькасці насельніцтва – не менш за 10%, па падліках розных даследчыкаў [11, c. 11-12]. 
Да пачатку 16 ст. шляхта ўсталявалася ўжо не толькі як прывілеяванае ваеннаслужылае саслоўе, але і, у асноўным, як клас землеўласнікаў. 
Акрамя таго, да саслоўя шляхты ў Вялікім княстве Літоўскім былі залічаны многія свабодныя людзі, якія мелі пэўныя надзелы зямлі, але не мелі залежных сялян і самі гэтую зямлю апрацоўвалі. Былі і такія шляхціцы, якія па розных прычынах увогуле не мелі ні сялян, ні зямлі. Я. Юхо лічыць, што свабодных беззямельных людзей, хоць іх таксама называлі шляхтай, нельга адносіць да катэгорыі феадалаў, а трэба разглядаць як асаблівую катэгорыю юрыдычна свабодных людэй [14, c. 49].
Саслоўе сялян да сярэдзіны XVI ст. так сама было неаднародным. Асабіста свабодные заможные сяляне, што выконвалі ваенную службу (зваліся баярамі, баярамі путнымі, баярамі панцырнымі ці баярамі слугамі) па статусу былі найбольш набліжаны да дробнай шляхты. Але разам з імі існавалі шматлікія катэгорыі феадальна-залежнага сялянства. Прававое становішча сялян – гэта поўная палітычная бяспраўнасць, абмежаваная грамадзянская праваздольнасць, павышаная крымінальная адказнасць. Па сутнасці, сяляне існавалі для забеспячэння патрэб феадалаў і дзяржавы [7, c. 130].
Мяшчане – жыхары гарадоў, падзяляліся на тры групы згодна маёмаснаму становішчу. Вярхі складалі заможныя купцы і цэхмайстры, яны часта валодалі зямельнай маёмасцю, што набліжала гарадскі набілітэт да шляхты. Сярэднюю групу складалі дробныя гандляры і рамеснікі. Часта яны валодалі нерухомай маёмасцю ў горадзе і маглі ўдзельнічаць у працы органаў гарадскога самакіравання. Ніжэйшая група – чэляднікі, вучні, “чорныя людзі” не мелі аніякіх праў [13, c. 128].
Прававое становішча мяшчан залежыла ад таго, у якім горадзе яны пражывалі. Значнымі правамі карысталіся жыхары Вільні, Полацка, Бярэсця, Мінска і іншых буйных дзяржаўных гарадоў з правам на самакіраванне і даравальнымі ільготнымі граматамі. Меньшымі правамі валодалі жыхары мястэчак і гарадоў, што не мелі права на самакіраванне. Жыхары прыватнаўласніцкіх гарадоў з’яўляліся феадальна залежным насельніцтвам.
Духавенства не змагло ўтварыць адзіную карпаратыўную грамаду. Да таго было некалькі ўмоў. Крыніцамі папаўнення саслоўя былі – феадальнае асяроддзе, мяшчанства, заможнае асабіста свабоднае сялянства. Да таго, на тэрыторыі княства дзейнічалі прадстаўнікі некалькіх рэлігій – каталіцтва, праваслаўя, уніяцтва (з 1596 г.), пратэстанцкіх цэркваў, было яўрэйскае і магаметанскае духавенства. Часта духавенства прызнавала ўладу замежных царкоўных устаноў, што наносіла шкоду дзяржаўным інтарэсам княства.


2 Дзяржаўны лад і органы дзяржаўнай улады ВКЛ у XIV-XVI стст.


Сталіца дзяржавы – гэта галоўны горад, дзе месціліся органы дзяржаўнага кіравання, рэзідэнцыя кіраўніка дзяржавы – вялікага князя. Тут збіраліся агульнадзяржаўныя вальныя сеймы. З 1323 г. сталіцай Вялікага княства Літоўскага Гедымін абраў Вільню (крывіцкае паселішча Крывы горад) на рацэ Віліі. З цягам часу Вільня стала адным з буйнейшых горадоў ва Ўсходняй Еўропе. Па некаторых звестках, нсельніцтва Вільні ў XVI ст. было пераважна беларускім, праваслаўным.
Герб дзяржавы – “Пагоня” – летапісы ўзгадваюць пад 1270-1290-я гг., часцей за ўсё звязваюць з асобай Віценя. Спачатку гэта быў асабісты герб вялікага князя, пазней ён стаў гербам дзяржавы. Статут 1566 г. юрыдычна замацаваў “Пагоню” як дзяржаўны герб ВКЛ. Кожнае ваяводства і павет павінны былі мець пячатку з “Пагоней”. Дзяржаўны герб меў наступны выгляд – на шчыце барочнай формы пурпуровага колеру ў сярэдзіне месціўся белы коннік з мячом і шчытом [8, c. 287].
На працягу XIV-XVII стст. беларуская, а дакладней, старабеларуская мова выконвала функцыі дзяржаўнай мовы ВКЛ. На ёй былі выдадзены галоўныя законы княства – Судзебнік 1468 г., усе тры Статуты ВКЛ, вялася Метрыка Вялікага княства Літоўскага. На беларускай мове вялося справаводства ў гарадскіх магістратах, земскіх і замкавых судах, яна выкарыстоўвалася пры правядзенні рэвізій і інвентарызацый не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і на ўласна літоўскай тэрыторыі. Пасля заключэння Люблінскай уніі ўмовы для далейшага развіцця беларускай мовы як мовы дзяржаўнай, значна пагоршыліся. Справаводства паступова пераводзілася на польскую мову. Спецыяльнай сеймавай пастановай 1696 г. беларуская мова была забаронена для ўжывання ў справаводстве на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.
Цэнтральныя органы ўлады. Вялікі князь (гаспадар, кароль) – кіраўнік дзяржавы, кіраўнік выканаўча-распараджальнай дзейнасцю вышэйшых дзяржаўных органаў, кіраўнік дзяржаўнай адміністрацыі, галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі княства. За яго подпісам і дзяржаўнай пячаткай выдаваліся заканадаўчыя акты княства. Згодна склаўшайся традыцыі, выбіраўся феадаламі княства, спачатку выбары праходзілі ў межах Рады (паны-рада), пазней, з XVI ст. на агульнадзяржаўным сейме. Галоўнымі абавязкамі гаспадара былі:
– абарона дзяржавы;
– падтрымка парадку ўнутры дзяржавы;
– ажыццяўленне вышэйшага суда;
– кіраўніцтва адміністратыўным апаратам дзяржавы;
– ажыццяўленне міжнародных стасункаў;
– распрацоўка і выданне законаў [8, c. 235].
Для забеспячэння патрэб гаспадара існавалі асабістыя княскія двары і маёнткі, якімі распараджаўся сам гаспадар і дзяржаўныя эканоміі, даходы з якіх гаспадар накіроўваў па згодзе з Радай. Такое становішча ўзнікла пасля 1492 г., калі вялікі князь вымушаны быў падзяліцца часткай паўнамоцтваў з панамі-радай, без згоды якіх ён не меў права прынімаць рашэнні і выдаваць законы. У той жа час Рада ў адсутнасць гаспадара магла вырашаць любое пытанне. Калі ўлічваць, што вялікія князі сумяшчалі яшчэ і пасаду караля польскага, то яны часта адсутнічалі ў княстве. Таму роля Рады ў кіраванні была вельмі значнай.
Рада ВКЛ (паны-рада) – спачатку дапаможны орган пры вялікім князе (князь мог не параіцца і прыняць рашэнне), а з 1492 г. – вышэйшы орган дзяржаўнай улады ў ВКЛ. Склад Рады не быў вызначаны строга, у яе ўваходзіла 30-40 важнейшых асоб княства. Сярод іх – усе каталіцкія біскупы, вышэйшыя дзяржаўныя чыны, усе ваяводы і каштэляны, некаторыя старасты і асобныя феадалы з роду Альгердавічаў ці Рурыкавічаў. На паседжанні Рады маглі запрашацца іншыя асобы – ураджэнцы ВКЛ хрысціянскага веравызнання. У поўным складзе Рада збіралася рэдка, часцей за ўсё пытанні вырашалісь старэйшымі раднымі панамі – вышэйшымі дзяржаўнымі чынамі, ваяводай Віленскім і Трокскім, біскупам Віленскім. Пытанні, што належылі кампетэнцыі Рады:
– выбары гаспадара ВКЛ;
– кантроль дзейнасці гаспадара;
– ажыццяўленне міжнародных адносін;
– кіраўніцтва вышэйшымі мясцовымі і дзяржаўнымі органамі кіравання;
– прызначэнне на дзяржаўныя пасады;
– абмеркаванне і прыняцце законаў;
– ажыццяўлення вышэйшага суда [3, c. 40].
Апошнія функцыі Рада ажыццяўляла разам з вялікім князем, а так сама па ўсім пытанням яна магла склікаць сейм.
Сейм (сойм) – з’езд прывілеяванага саслоўя – шляхты ВКЛ. Мог збірацца па рапараджэнню вялікага князя ці Рады. На сеймавых паседжаннях маглі прымаць удзел вялікі князь, Рада ўсім складам, усе службовыя асобы дзяржаўнага і мясцовага кіравання, каталіцкія і праваслаўныя (з 1596 г. – уніяцкія) епіскапы і настаяцелі манастыроў, а так сама кожны шляхціц. Апошнія не вельмі шанавалі сеймавыя паседжанні, таму ў 1512 г. Жыгімонт І Стары выдаў загад, па якому кожны павет абавязаны быў выбіраць 2 дэлегатаў – “паслоў” ад мясцовай шляхты. Збіраліся сеймы па меры патрэбы, а з сярэдзіны XVI ст. – раз у два гады. Былі вызначаны гарады, дзе збіраліся сеймы – Вільня, Гродна, Слонім, Бярэсце. Пытанні, што датычыліся кампетэнцыі сейма, строга вызначыны не былі. Гэта залежыла ад таго, якую праграму рыхтаваў гаспадар ці Рада, яны рыхтавалі і праекты рашэнняў сейма – ухвалы, статуты, а з XVII ст. – канстытуцыі. Часцей за ўсё сеймы вырашалі наступныя пытанні:
– выбары князя (элекцыйныя і каранацыйныя сеймы);
– пытанні аб вайне ці міры;
– збор і памер падаткаў на ваенныя патрэбы;
– вырашалі міжнародныя справы;
– прымалі законы;
– ажыццяўлялі суд па крымінальнай справе – дзяржаўнай здрадзе;
– прымалі хадайніцтвы павятовай шляхты [7].
Па сутнасці, галоўную ролю на паседжаннях сеймаў мела Рада і магнаты, яны вырашалі, якую пастанову прыме сейм.
Маршалак земскі з’яўляўся ахоўнікам этыкету і парадку пры двары гаспадара. Меў важныя функцыі: старшынстваваў на сеймавых паседжаннях і ў Радзе, абвяшчаў пастановы гаспадара і Рады. Ён жа кіраваў прыёмам паслоў, прасіцеляў са скаргамі, судзіў за злачынствы, здзейсненые пад час правядзення сеймаў. Меў намеснка – маршалка дворнага.
Гетман найвышэйшы кіраваў усімі ўзброенымі сіламі дзяржавы. У ваенных абставінах і пад час паходаў меў шырокія паўнамоцтвы – нават мог пакараць падначаленых смерцю без суда. Меў намеснікаў – гетмана дворнага і гетмана польнага, што ўзначальвалі частку войска.
Канцлер у ВКЛ кіраваў дзяржаўнай канцылярыей, наглядаў за дакладнасцю вядзення Метрыкі – дзяржаўнага архіва, храніў дзяржаўную пячатку ВКЛ і ставіў подпіс пад законамі, без гэтага законы не мелі моцы. Намеснік канцлера – падканцлер – прымаў удзел у падрыхтоўке законаў, кіраваў юрыдычнай службай канцылярыі.
Падскарбі земскі – хавальнік дзяржаўнай казны (скарба). Заведаваў даходамі і расходамі дзяржавы; захоўваў дзяржаўныя рэгаліі – скіпетр, меч, сцяг, шапку Гедыміна; распараджаўся ваеннымі прыпасамі (арсеналам ВКЛ), а з сярэдзіны XVI ст. займаўся кіраваннем дзяржаўнай зямельнай маёмасцю. Яго намеснік – падскарбі дворны – захоўваў дварцовую казну вялікага князя, яго асабістыя каштоўнасці і грошы. Дапамагалі падскарбіям шматлікія служачые – скарбнікі, ключнікі, мытнікі, дзяржаўцы, цівуны.
Гаспадарчыя дваране і ўраднікі выконвалі даручэнні князя і Рады (праводзілі рэвізіі, выконвалі пастановы дзяржаўных органаў і судоў). Непасрэдна кіраваў імі маршалак дворны.
На важнейшыя дзяржаўныя пасады прызначаліся прадстаўнікі знатных родаў ВКЛ вялікім князем са згоды Рады, вельмі часта пасады займалі прадстаўнікі беларускіх знатных родаў, як праваслаўных, так і каталіцкіх. Сярод іх – Астрожскія, Пацы, Хадкевічы, Глінскія, Сапегі, Кішкі, Тышкевічы, Чартарыйскія, Радзівілы, Іллінічы, Валовічы, Друцкія, Зяновічы і інш.
Органы мясцовага кіравання. Вялікае княства Літоўскае было федэратыўнай дзяржавай, розныя часткі яе мелі розную ступень падпарадкаванасці цэнтру. Так, Полацкае, Віцебскае і Мсціслаўскае ваяводствы мелі спецыяльные граматы, дзе агаворваліся значныя правы на самактраванне. Таму наглядалася разнастайнасць у правах і абавязках некаторых пасад, асабліва на ўзроўне ваяводства.
Ваявода – кіраўнік адміністрацыйных, гаспадарчых, ваенных і часткі судовых органаў на тэрыторыі ваяводства. Прызначаўся князем і Радай (у Полацкім і Віцебскім ваяводствах – са згоды мясцовага баярства) пажыццёва. Усе ваяводы былі членамі Рады і Сейма, дзе абаранялі інтарэсы ваяводства. Абавязкі ваяводы: падтрыманне парадку; кіраванне дзяржаўнай і вялікікняскай маёмасцю ў ваяводстве (наглядаў за зборам падаткаў); арганізацыя ўзброеных сіл ваяводства; ажыццяўленне суда ў гродскім (замкавым) судзе. У Полацку і Віцебску ваявода абавязаны быў раіцца з мясцовымі феадаламі [8, c. 301].
Другоў па рангу асобай ў ваяводстве быў каштэлян – камандуючы ўзброенымі сіламі замка ваяводы і апалчэння ваеннаабавязаных ваяводства. Ён так сама быў членам Рады і Сейма.
Намеснікам ваяводы быў падваявода. Ён кіраваў канцылярыяй, сведчыў дакументы, старшынстваваў у гродскім (замкавым) судзе.
На ніжэйшай ступені стаялі ключнік (збор падаткаў), канюшы (гадоўля коней для войска), гараднічы (камендант замка). Усе гэтыя пасады мелі права займаць толькі феадалы і толькі ўраджэнцы княства, а ў некаторых ваяводствах і паветах (Віцебскае і Полацкае) – толькі з мясцовай знаці.
На чале адміністрацыі павета стаяў стараста, абавязкі яго былі падобныя на абавязкі ваяводы. Прызначаўся ён князем і Радай пажыццёва, з цягам часу гэта пасада стала больш ганаровай, была крыніцай даходу для яе ўладальніка. Непасрэднае кіраўніцтва павятовай адміністрацыяў праводзіў падстараста.
Дапамагалі старасце і падстарасце павятовы маршалак, ён старшынстваваў на павятовых сейміках і кіраваў павятовым апалчэннем. Сцяганосцам павятовага апалчэння быў харужы.
На ніжэйшай ступені знаходзіліся дзяржаўцы (раней зваліся цівунамі), што кіравалі асобнымі дзяржаўнымі маёнткамі.
У ваяводствах і паветах праводзіліся мясцовыя (ваяводскія ці павятовыя) сеймікі, што маглі вырашаць розныя пытанні з жыцця ваяводства ці павета. На сейміках прысутнічалі ўсе кіруючыя асобы і ўсе жадаючыя шляхцічы тэрытарыяльнай адзінкі. Галоўная роля сеймікаў – гэта выбар 2-ух паслоў на агульнадзяржаўны (вальны) сейм і выпрацоўка для іх інструкцый і хадайніцтваў перад урадам. На сойміках слухалі справаздачы послоў аб сеймах, выбіралі судзей і прызначалі на пасады мясцовага кіравання.
Сістэма органаў мясцовага кіравання складвалася паралельна ўладкаванню адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу ВКЛ. Доўгі час княства не мела аднолькавага падзелу. У склад ВКЛ уваходзілі ўдзельныя княствы, што кіраваліся сваімі княскімі дынастыямі, намесніцтвы (ліквідаваныя ўдзельныя княствы, што кіраваліся вялікакняжаскімі намеснікамі). Яны ўтваралі каля 20 судова-адміністрацыйных акруг, межы іх дакладна вызначаны не былі (XV – першая палова XVI стст.). Паступова ўдзельныя княствы ліквідаваліся, расла колькасць намесніцтваў. У 1413 г. былі заснаваны першые ваяводствы – Віленскае і Трокскае. Пасля Гарадзельскай уніі ВКЛ стала пераймаць прынцыпы тэрытарыяльнага падзелу, што існаваў у Польшы. Вялікія намесніцтвы сталі звацца ваяводствамі, маленькія – паветамі ці стараствамі. У 1504 г. ваяводствам стала Полацкае намесніцтва, у 1507 – Наваградскае, у 1508 г. – Віцебскае. Канчаткова падзел на ваяводствы і паветы быў праведзены пад час адміністрацыйнай рэформы 1565-1566 гг. У выніку яе апошнія ўдзельныя княствы (Слуцкае, Друцкае, Лукомскае) былі ліквідаваны. ВКЛ было падзелена на ваяводствы: Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Мінскае, Мсціслаўскае, Наваградскае, Полацкае і Трокскае. У склад ваяводстваў уваходзіла 30 паветаў, 16 з іх – на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Такі падзел быў замацаваны ў Статуце ВКЛ 1588 г. і захоўваўся да канца існавання дзяржавы [3].
У XIV-XVIII стст. на Беларусі стала пашырацца так званае Магдэбурскае права – права на самакіраванне гарадоў. Гэта было вынікам развіцця гараской гаспадаркі і жаданнем вялікіх князей мець гарады ў саюзніках у супрацьстаянні з феадаламі княства. Кожны горад атрымліваў сваю грамату. Ступень свабод, што прадастаўляліся гарадам, была розная. Агульным было: мяшчане вызваляліся з-пад адміністратыўнай і судовай улады ваявод і стараст, замест феадальных павіннасцяў уводзіўся адзіны дзяржаўны грашовы падатак на горад. У горадзе ствараліся органы самакіравання і суды.
На чале гарадской адміністрацыі і суда стаяў войт. Яго прызначаў гаспадар з Радай з ліку феадалаў ці знатных гараджан. Функцыі войта: падтрыманне парадку ў горадзе; вызначэнне правілаў гандлю; адстойванне інтарэсаў гараджан перад урадам і феадаламі; збор падаткаў; ажыццяўленне правасуддзя разам з іншымі членамі самакіравання. Дапамагаў войту яго намеснік, лен-войт.
Памошнікі войта – бурмістры – маглі выбірацца гараджанамі, прызначацца войтам. Бурмістры вырашалі бягучыя пытанні гарадскога жыцця – наглядалі за гандлем, рамеснікамі, займаліся добраўпарадкаваннем горада, гарадскімі ўмацаваннямі, вартавай службай, ажыццяўлялі правасуддзе па дробных справах.
Гарадская рада (магістрат) выбіралася мяшчанамі ці прызначалася войтам. Яна вызначала агульны напрамак развіцця гарадской гаспадаркі, займалася добраўпарадкаваннем, абарончымі збудаваннямі, зборам падаткаў з насельніцтва, кантралявала гарадскія расходы, ажыццяўляла суд з войтам і бурмістрамі.
На першым этапе распаўсюджання самакіравання значную ролю меў агульны сход мяшчан (сейм, веча, капа). На ім слухалі справаздачы бурмістраў, складалі скаргі ў урад, вызначалі памеры збору сродкаў на гарадскія патрэбы, маглі змясціць некаторых асоб самакіравання. Паступова роля схода змяншалася, нават сярэдняе мяшчанства адхілялася ад удзела ў кіраванні горадам. Уся паўната ўлады ў гарадах належыла найбольш багатым і ўплывовым купцам-госцям і цэхмайстрам – кіраўнікам рамесных цэхаў.


3 Судовая сістэма ВКЛ

Вышэйшыя судовыя органы. Да канца XV – пачатку XVI ст. у Вялікім княстве Літоўскім дзейнічаў тыповы для раннефеадальнага перыяду прынцып, згодна з якім органы дзяржаўнай улады адначасова выконвалі i судовыя функцыі. Але на працягу XVI ст. назіраецца адыход ад такога парадку вядзення спраў i ў выніку складваюцца дзве сістэмы судовых органаў: агульна-саслоўныя, што былі заснаваныя на звычаёвым праве i законе, i саслоўныя (для духавенства, шляхты, мяшчан, сялян, татар, яўрэяў) суды. Саслоўныя суды для шляхты былі аддзелены ад адміністрацыі i дзейнічалі на падставе закону ў адпаведнасці з тэорыяй аб падзеле ўлад. Астатнія саслоўныя суды дзейнічалі на аснове Бібліі, Карана, Торы, спецыяльных нарматыўных актаў ці старажытнага копнага права 
Вышэйшым агульнасаслоўным судом лічыўся вялікакняжацкі (гаспадарскі) суд, існавалі таксама суд паноў Рады, Сойма i як іх разнавіднасць - кaмicapcкi суд [1, c. 102].
Падсуднасць спраў гаспадарскаму суду да сярэдзіны XIV ст. была даволі шырокай, але пасля быў усталяваны інстанцыйны парадак, па якому судовыя справы трэба было разглядаць у мясцовых судах па першай інстанцыі [2, c. 128]. У якасці суда першай інстанцыі гаспадарскі суд разглядаў толькі справы аб дзяржаўных злачынствах, "споры о силе и значении различных жалованных грамот, затрагивающих интересы государственной казны", аб прыналежнасці да саслоўя шляхты, аб палітычных злачынствах, аб скаргах на незаконныя дзеянні вышэйшых службовых асоб i інш. Выключна да падсуднасці гаспадарскага суда адносіліся справы аб злачынствах супраць паноў - рады, ваявод, кашталянаў, старастаў, суддзяў у час выканання iмi свaix службовых абавязкаў. У якасці суда другой інстанцыі гаспадарскі суд разглядаў любыя справы, якія прыходзілі ў парадку апеляцыі на рашэнні з мясцовых судоў. Разгляд спраў у гаспадарскім судзе вёўся пры ўдзеле вялікага князя i радных паноў [1, c. 102].
Састаў гаспадарскага суда не быў рэгламентаваны ў Статуце, але на практыцы на судзе абавязкова павінны былі прысутнічаць у якасці засядацеляў радныя паны. Іх колькасць не была вызначана ў законе: магло быць два-тры чалавекі, а падчас 20 i болей. Усё залежала ад важнасці справы, месца i часу, а таксама ад таго, якое службовае становішча займалі ісцец i адказчык [2, c. 115]. 
Рашэнні гаспадарскага суда лічыліся канчатковымі i абскарджанню не падлягалі. 
Суд паноў-рады мог разглядаць па даручэнні вялікага князя справы, якія паступалі на імя гаспадара. Яго рашэні мелі ciлу незалежна ад колькасці членаў Рады, якія прысутнічалі на судовым пасяджэнні.
Kaлi суд паноў-рады разглядаў самыя розныя справы па даручэнні гаспадара, то камісарскі ўтвараўся ім для рашэння спраў, якія паступалі на імя вялікага князя i тычыліся толькі зямельных спрэчак феадалаў, што закраналі інтарэсы вялікакняжацкіх уладанняў. Спецыяльна прызначаныя камісары выязджалі на месца i там разглядвaлi спрэчку па сутнасці справы i прымалі па ей рашэнне [1, c. 102]. 
У Вялікім княстве Літоўскім існаваў i Соймавы суд. Соймавы суд – гэта разнавіднасць Гаспадарскага суда, але ён быў больш дэмакратычны па свайму складу. У яго склад акрамя гаспадара і паноў рады, згодна Статуту 1588г., уваходзілі яшчэ 8 дэпутатаў сойма. Гэты суд дзейнічаў толькі ў перыяд работы сойма [3, c. 63].
Адной з разнавіднасцей гаспадарскага суда быў маршалкаўскі суд. Яго мог узначальваць адзн ці два маршалкі. Гэты суд разглядаў справы па даручэнні або загаду гаспадара. Месцам правядзення яго пасяджэнняў звычайна быў гаспадарскі двор, а калі ўзнікала неабходнасць, то ён мог пераязджаць i ў іншыя месцы.
Як вядома, вялікі князь вельмі часта адсутнічаў у дзяржаве, а ў межах Вялікага княства Літоўскага пераязджаў з рэгіёна ў рэгіён. Па гэтай прычыне феадалам цяжка было знайсці вышэйшага суддзю, гаспадарскі суд збіраўся рэдка, ў выніку чаго разгляд асобных судовых спраў затрымліваўся на дзесяткі гадоў. Напрыклад, вялікі князь Аляксандр у сваім канстытуцыйным прывілеі 1492 г. абяцаў неадкладна разгледзець тыя судовыя справы, якія не паспеў вырашыць яго бацька. "Але яго пераемнік Жыгімонт I павінен быў паўтарыць гэтае абяцанне і амаль праз 40 гадоў пасля смерці Kaзімipa абяцае "без отволоки" закончыщь усе тыя судовыя справы, якія не паспелі закончыць яго бацька Kазімip i яго брат Аляксандр. Але такія самыя завалы спраў засталіся i пры прыемніках Жыгімонта I – пры яго сыне i пры Стэфане Баторыю [1, c. 103].
З мэтай разгрузіць гаспадарскі суд граматай караля Стэфана Баторыя ад 1 сакавіка 1581 г. Быў утвораны Галоўны суд (трыбунал) – найвышэйшы суд Вялікага княства Літоўскага. 3 яго ўтварэннем судовая ўлада вялікага князя i паноў - рады абмяжоўвалася, што ўказвае на пастаянную тэндэнцыю да аслаблення ўлады вялікага князя ў дзяржаве i ўмацавання ролі шляхты. Можна меркаваць, што з утварэннем Галоўнага суда ўзмацніўся i суверэнітэт Вялікага княства Літоўскага. 
Ва ўводнай частцы закона 1581 г. "Способ прав трибунальских" абгрунтоўваецца неабходнасць утварэння Галоўнага суда i акрэсліваецца яго кампетэнцыя; у раздзеле "Способ обирания судей" разглядаецца парадак фарміравання i склад Літоўскага трыбунала [1, c. 104].
Галоўны суд Вялікага княства Літоўскага складаўся з выбарных суддзяў, якія выбіраліся штогод шляхтай на павятовых сойміках. Выбранымі маглі быць толькі шляхціцы, якія мелі ўласныя ўладанні (аседласць), дасведчаныя ў праве і мясцовых звычаях. Ад павета і ваяводства, у якім не было паветаў, выбіраліся па два суддзі. Колькасць членаў Галоўнага суда не была пастаяннай, але, як правіла, іх было каля 40 чалавек. Справы разглядаліся судовай калегіяй з двух - сямі чалавек, аднак магла быць і іншая колькасць суддзяў у калегіі, але не меньш чым два.Усёй работай Галоўнага суда кіраваў выбраны суддзямі старшыня – маршалак. На пасаду старшыні рэкамендаваўся Радай адзін з паноў. Для разгляду спраў, звязаных з іскамі з-за царкоўнай маёмасці, стваралася сумесная калегія Галоўнага суда. Яна складалася з членаў Галоўнага суда і прадстаўнікоў дўхавенства, якіх прызначалі епіскапы. Пасяджэнні (сесіі) Галоўнага суда праводзіліся ў Вільні – штогод, у Менску і Навагрудку – папераменна праз год. Кожная сесія магла працягвацца не больш як 22 тыдні, пасля суддзі пераязджалі ў чарговы горад.
Галоўны суд вёў усе справы па апеляцыйных скаргах на рашэнні гродскіх, земскіх і падкаморскіх судоў, панскіх судоў у адносінах служылых шляхціцаў, прыгавораных да пакарання смерцю, турэмнага зняволення ці буйных грашовых штрафаў. Па першай інстанцыі ён разглядаў некаторыя справы, якія даўней былі падсудныя гаспадарскаму суду. Асаблівую катэгорыю спраў у Галоўным судзе складалі скаргі на незаконныя дзеянні і злоўжыванні мясцовых службовых асоб і суддзяў. Акрамя разгляду судовых спраў Галоўны суд займаўся і натарыяльнымі клопатамі: завяраў завяшчанні, сведчыў дагаворы пазыкі, куплі-продажу маенткаў і г. д.
Рашэнне Трыбунала выносілася па большасці галасоў суддзяў.Не прымалі ўдзелу ў разглядзе справы тыя члены суда, якія былі з таго самага павету, што і бакі ў спрэчцы. Дэкрэт Галоўнага суда абскарджанню не падлягаў. Выкананне гэтых дэкрэтаў праводзілася павятовымі судамі або павятовымі старастамі [7, c. 216].
Акрамя Галоўнага суда было яшчэ некалькі судоў вышэйшай інстанцыі, ў прыватнасці суд літоўскай скарбавай кaмicii, або "Скарбавы трыбунал". Ён быў утвораны ў Вялікім княстве Літоўскім у 1609 г. i складаўся з падскарбіяў (земскага i дворнага), аднаго сенатара i сямі шляхціцаў, выбраных на сойме. Да кампетэнцыі "Скарбавага трыбунала" адносіліся ўсе справы, якія тычыліся гандлёвых кантрактаў, спрэчак паміж купцамі i icкaў па векселях, злачынных дзеянняў, накіраваных супраць службовых асоб дзяржаўнага скарба, нявыплаты дзяржаўных падаткаў. У 1726 г. пастановай Гродзенскага сойма частка функцый "Скарбавага трыбунала" была перададзена Галоўнаму літоўскаму трыбуналу [1, c. 105]. 
Мясцовыя судовыя органы. Сярод мясцовых судоў найбольш старадаўнім быў замкавы, ці гродскі, суд, пасяджэнні якога праводзіліся ў замку ("гродзе"). Тут галоўная роля належала службовым асобам мясцовай адміністрацыі – ваяводу, старасту, дзяржаўцу і іх намеснікам. Гэты суд дзейнічаў у двух складах: вышэйшым і ніжэйшым. У вышэйшы гродскі суд уваходзіў ваявода, або стараста, або дзяржаўца і прадстаўнікі мясцовых феадалаў. Так, полацкі ваявода абавязаны быў разглядаць усе справы са старшымі баярамі полацкімі, віцебскі – з князямі, баярамі і мяшчанамі.
У гродскім судзе разглядаліся справы па абвінавачванню шляхты, мяшчан і сялян, значыць, у некаторай ступені ён быў усесаслоўным судом. Разгляд справы мог пачынацца адразу ж пасля дастаўкі ў суд злачынцы, захопленага на месцы злачынства ці затрыманага на працягу 24 гадзін з моманту яго здзейснення.
Найбольш тыповым, аддзеленым ад адміністрацыі саслоўным судом для шляхты быў земскі павятовы суд. Яго ўзнікненне на Беларусі адносіцца да першай паловы XVI ст. Аднак да 60-х гг. суддзі гэтага суда прызначаліся. У асноўным ён разглядаў грамадзянскія іскі і крымінальныя справы па абвінавачванні шляхты. Земскі суд выконваў таксама функцыі натарыята, запісваў скapгі на незаконныя дзеянні службовых асоб павета. Канчатковае прававое афармленне земскага суда праведзена Бельскім прывілеем 1564 г. i Статутамі 1566 i 1588 гг.
У састаў земскага суда ўваходзілі суддзя, падсудак i пicap, якія выбіраліся на з'езде з павятовай шляхты. На кожную пасаду з'езд вылучаў чатырох кандыдатаў з мясцовых аселых шляхціцаў – хрысціян ("веры годных"), якія валодалі беларускай граматай, ведалі права i не займалі духоўных i дзяржаўных пасад. 3 гэтага cпica вялікі князь выбіраў i зацвярджаў аднаго кандыдата на месца. Суддзі прызначаліся пажыццёва i ніхто, нават вялікі князь, не мог вызваліць ix ад абавязкаў. Ім таксама забаранялася сумяшчаць сваю працу з іншай службай. На першай cecii новы суддзя публічна прысягаў, што буддзе судзіць справядліва, не зважаючы на грамадскае i матэрыяльнае становішча людзей, асабістыя адносіны да ix.
Cecii земскага суда збіраліся тры разы на год: у студзені, чэрвені i кастрычніку. Кожная доўжылася тры – чатыры тыдні. Судаводства вялося на падставе Бельскага прывілея 1564 г. i Статута Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566 i 1588 гг. на старабеларускай (да канца XVII ст.), а пазней на польскай мове. Калі на судзе сярод прысутных былі людзі, дасведчаныя ў пытаннях права, то суддзі запрашалі ix да "рассудку праўнага", i яны мелі дарадчы голас пры вынясенні судовых пастаноў. Кожны, хто быў на судзе, мог сказаць тое, што ведаў па разглядаемай справе, выказаць свой погляд на яе [1, c. 107].
Такім чынам, стварэнне земскіх судоў – важны этап у развіцці судовага ладу i права феадальнай Беларусі. Гэтыя суды далі пачатак арганізацыі судовай сістэмы, заснаванай на аснове падзелу ўлад, "бо яны былі першымі судамі цалкам аддзеленымі i незалежнымі ад мясцовай адміністрацыі". Няма сумнення ў тым, што ўзнікненне такіх судоў стала магчымым дзякуючы пашырэнню ролі нормаў пісанага права, а гэта ў сваю чаргу абумовіла неабходнасць з'яўлення прафесіі юрыста.
Другім судом, што быў аддзелены ад органаў дзяржаўнага кіравання, стаў падкаморскі суд, створаны у 1566 г. Ён разглядаў зямельныя i межавыя спрэчкі феадалаў, што ранней уваходзілі ў кампетэнцыю гаспадарскага суда.
Па Статуце 1566 г. справы ў падкаморскім судзе вырашаў суддзя-падкаморый з удзелам зацікаўленых бакоў. 3 1588 г. на павятовых сойміках на пасаду падкаморыя выбіралі чатырох кандыдатаў, аднаго з якіх зацвярджаў вялікі князь літоўскі.
Разгляд справы адбываўся на месцы спрэчных межаў. Падкаморый выслухоўваў тлумачэнні бакоў, дапытваў сведак, аглядаў дакументы i іншыя пісьмовыя доказы, прымаў рашэнне i вызначаў на мясцовасці межы землеўладання, а пасля, з дапамогай сваіх памочнікаў (каморнікаў), устанаўліваў межавыя знакі. Рашэнне падкаморскага суда падлягала неадкладнаму вькананню, але магло быць абскарджана ў вялікакняжацкі суд ці ў трыбунал Вялікага княства Літоўскага.
Магістрацкі суд (войтаўска-лаўніцкі, бурмісцерска – радзецкі) суд быў судом для мяшчан гарадоў, якія мелі прывілей на магдэбургскае права. Ён дзейнічаў у двух складах. Калі справа разглядалась бурмістрамі і радцамі, то па такіх справах магла быць пададзена скарга гарадскому войту, які разам з лаўнікамі (засядацелямі) разглядаў гэту скаргу. Апеляцыі на справы, разглядаемыя войтаўска-лаўніцкім судом, падавалісь ужо ў вышэйшы суд. Але дадзены парадак разгляду спраў у войтаўска-лаўніцкім судзе не быў адзіным. У гарадах, дзе пасада гарадскога войта была выкуплена мяшчанамі, справы, разгледзеныя войтаўска-лаўніцкім судом, можна было абскардзіць у гарадскую раду (магістрат), а затым толькі – ў вышэйшы суд. 
Такім чынам, стварэнне незалежных ад мясцовай адміністрацыі выбарных судоў хаця б i для некаторых саслоўяў "сведчыла аб новым этапе ў развіцці прававой культуры грамадства, iмкненнi да паступовага ўсталявання прававога парадку ў дзяржаве. Выбарны незалежны суд быў прасякнуты ідэямі служэння не толькі інтарэсам дзяржавы, але i правам асобных людзей, задачамі абароны правапарадку нават ад органаў дзяржаунай улады. 

 
Заключэнне


Такiм чынам, Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае было феадальнай манархіяй, дзе феадалам было забяспечана права валодання залежным насельніцтвам – сялянамі. Насельніцтва княства падзялялася на дзве вялікія групы – феадалаў-землеўласнікаў і феадальна-залежнае насельніцтва. Насельніцтва падзялялася на саслоўі – шляхту, мяшчан, духавенства і сялян.
Увесь апарат улады і кіравання ад вялікага князя да цівуна і дзесяцкага дзейнічаў выключна ў інтарэсах класа феадалаў, які складаў прыкладна 10 % насельніцтва краіны, забяспечваў яго эканамічныя, палітычныя і асабістыя правы і ўладу над астатнім насельніцтвам.
У XIV-XVI стст. у Вялікім княстве Літоўскім склалася дакладная і акрэсленая сістэма прадстаўнічай манархіі.
Прадстаўнічыя ўстановы сур'ёзна абмяжоўвалі ўладу вялікага князя, спрыялі замацаванню федэратыўных асноў дзяржавы, якія мелі тэндэнцыю да легітымнага развіцця. Гэта вынікала з умоў, у якія было пастаўлена княства, г.зн. з поліэтнічнасці манархіі, з наяўнасці моцнай і шматлікай зямельнай арыстакратыі, выбарнасці велікакняжацкай улады і цесных палітычных зносін з канстытуцыйнай Польшчай.
1 ліпеня 1569 г. на сойме ў польскім горадзе Люблін быў падпісаны акт уніі, паводле якой Польскае Каралеўства і Вялікае княства Літоўскае ўтваралі сумесную федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітая. Да збліжэння з Польскім каралеўствам ВКЛ штурхалі не толькі замежнапалітычныя цяжкасці, але і ўнутраная сітуацыя ў краіне. У ХVІ ст. шляхта ВКЛ прагнула вызваліцца з-пад кантролю магнацкай вярхушкі, разглядаючы ў якасці ўзору бурлівае развіццё правоў шляхты ў Польскім каралеўстве.

 
Спіс выкарыстанных крыніц


1.    Басалай, А.І. Гаспадар і рада вялікага княства літоўскага ў судовай сістэме дзяржавы (канец XV – першая палова XVI ст.) / А.І. Басалай // Веснік БДУ. – Сер. 3. – 2012. – № 3. – С. 19-25.
2.    Гаўрыльчанка, Ю.П. Судовая рэформа XVI стагоддзя ў Вялікім Княстве Літоўскім / Ю.П.Гаўрыльчанка. – Мінск: Беларускі дзяржаўны універсітэт, 2007. – 173 c.
3.    Залівака, А.С. Гісторыя дзяржустаноў ВКЛ: артыкулы / А.С. Залівака. – Мінск : Энциклопедикс, 2011. – 88 с.
4.    Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года (вытрымкі з выдання: Статут Великого князьства Литовского 1566 года и поправы статутовые 1578 года // Временник Московского о-ва истории и древностей российских. - 1855. Кн.25. С. 1-242) // http://www.pravo.by/main.aspx?guid=1831 
5.    Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Даведкі. Каментарыі. – Мінск: БелСЭ, 1989. – 542 с.
6.    Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 года // http://www.pravo.by/main.aspx?guid=1811
7.    Вішнеўскі, А.Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах / А.Ф. Вішнеўскі, І.А. Юхо. – Мінск: Акад. МУС Рэсп. Беларусь, 2003. – 311 с.
8.    Гісторыя Беларусі ў 2-х частках. Ч. 1. Са старажытных часоў да к. XVIII ст: Курс лекцый. Мн.: РІВШ БДУ, 2000. – 652 с.
9.    Грамадзянскае права феадальнай Беларусі XV -XVI стагоддзяў / Т.I.Доўнар. – Мінск: БДУ ,1997 – 86 с.
10.    Дзмітрачкоў, П. Ф. Беларусь у складзе Вялікага Княства Літоўскага, другая палова – першая палова стст. / П. Ф. Дзмітрачкоў. – Магілеў: Магілеўскі дзяржаўны універсітэт, 2003. – 311 с.
11.    Козловская, Н. В. Шляхта белорусских земель Великого Княжества Литовского / Н. В. Козловская. – Минск: БГУ, 2001. – 25 с.
12.    Нарысы гісторыі Беларусі ў 2-х частках. Ч. 1. Мн.: Інстытут гісторыі АНБ, 1994. – 527 с.
13.    Юхо Я.А. Гiсторыя дзяржавы i права Беларусi: Дапаможнiк: У 2 ч. Ч.1. – Мн.: РIВШ БДУ, 2003. – 275 с.
14.    Юхо, И.А. Правовое положение населения Белоруссии в XVI в. И.А.Юхо, // Памяць і слава: Іосіф Аляксандравіч Юхо. Да 90-годдзя з дня нараджэння / рэдкал. : С. А. Балашэнка [і інш.]. – Мінск: БДУ, 2011. – С. 45-145.

Main Menu